СПАЗМАЛІТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ (ад спазма + грэч. lysis аслабленне),
лекавыя сродкі, якія прадухіляюць спазмы гладкай мускулатуры і сасудаў. Падзяляюцца на міятропныя (непасрэднае расслабленне гладкіх мышцаў) — ношпа, папаверын, дыбазол, эўфілін і інш. і нейратропныя (уздзеянне на розныя аддзелы нерв. сістэмы) — атрапін, скапаламін, спазмаліцін, бензагексоній, салбутамол. С.с. знімаюць болі, звязаныя са спазмамі гладкамышачных органаў брушной поласці (страўнік, кішэчнік, жоўце- і мочавывадныя шляхі, матка), паляпшаюць вентыляцыю лёгкіх пры спазме бронхаў, зніжаюць артэрыяльны ціск і паляпшаюць мясц. крывацёк (у мозгу, сэрцы, канечнасцях) у выніку расшырэння сасудаў.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)